- Інфармацыйна-турыстычны партал Белавежскай пушчы, Беларусь, вёска Белая, дом 6, 225063
- info.npbp.by@gmail.com
Клiмат
Згодна з кліматычным раянаваннем, Белавежская пушча адносіцца да паўднёвай цёплай няўстойліва вільготнай зоны Беларусі, займаючы яе заходнюю ўскраіну ў межах Пружана-Брэсцкага агракліматычнага раёна. Тут самая кароткая і цёплая ў рэспубліцы зіма, самы працяглы вегетацыйны перыяд і найбольшае цеплазабеспячэнне тэрыторыі.
Па звестках шматгадовых (1948 – 2010) назіранняў Камянюцкай метэастанцыі, размешчанай на тэрыторыі пушчы, сярэдняя гадавая тэмпература паветра роўная 6,80 С. Найбольш цёплым месяцам з’яўляецца ліпень (17,80С), найбольш халодным – студзень (-4,40С). Максімальная і мінімальная тэмпературы дасягаюць значэнняў у 36,4 і -40,1 адпаведна.
Устойлівае снежнае покрыва ляжыць не больш за 50 – 60 дзён. Для адной пятай часткі зім яно ўвогуле не адзначаецца. Перыяд з тэмпературай паветра ніжэй за 00 доўжыцца каля 100 – 110 дзён.
Устойлівы перыяд з сярэднясутачнай тэмпературай паветра вышэй за 00 надыходзіць у сярэднім 19 сакавіка і доўжыцца да канца лістапада – пачатку снежня, складаючы каля 260 дзён.
Вясновыя замаразкі спыняюцца ў канцы красавіка – пачатку мая (сярэдняя дата – 6 мая, крайнія – 19 красавіка і 2 чэрвеня). Працягласць перыяду без замаразкаў складае 135 – 170 дзён.
Атмасферных ападкаў выпадае ў сярэднім 659 мм у год, у тым ліку каля 430 мм у цёплы перыяд (красавік – кастрычнік). Сумарнае паступленне сонечнай радыяцыі – каля 98 ккал/см2.
Пры высокім цеплазабеспячэнні, раён характарызуецца дэфіцытам вільготнасці паветра, сярэдні паказчык якога за май – ліпень складае 6,7 – 6,8 мб. Каэфіцыент увільгатнення за цёплы перыяд роўны 0,8, што з’яўляецца найбольш нізкай велічынёй на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і сведчыць пра неадпаведнасць паміж выпаральнасцю і колькасцю ападкаў.
У цэлым, клімат пушчы блізкі да цэнтральна-еўрапейскага. Гэта пацвярджаецца як напрамкам глебаўтваральных працэсаў, так і асаблівасцямі расліннага і жывёльнага свету.