• Інфармацыйна-турыстычны партал Белавежскай пушчыБеларусьвёска Белая, дом 6225063
  • info.npbp.by@gmail.com

Гідралогія

ДПУ “НП “Белавежская пушча” займае ўсходні выступ басейна р. Віслы, які ўтвораны прытокамі Буга – Наравам і Правай Лясной. Каля паўночнай мяжы парку бяруць пачатак рэкі Свіслач і Рось (прытокі Нёмана), а каля паўночна-ўсходняй знаходзяцца вытокі Ясельды (прыток Прыпяці). Тут праходзіць водападзел паміж басейнамі Балтыйскага і Чорнага мораў.

Тэрыторыю ўласна нацыянальнага парку дрэнуюць вадазборы Нарава і Лясной (Левай і Правай), якія належаць да басейна Віслы.

Нараў, які бярэ пачатак у балотах урочышча Дзікое, выконвае выключна важную ролю ў рэгуляванні гідралагічнага рэжыму ў паўночнай частцы нацыянальнага парку. Асноўным яго прытокам з’яўляецца р. Нараўка. Галоўныя водныя артэрыі ў паўднёвай частцы парку – гэта рэкі Правая Лясная і Левая Лясная.

На схеме пададзена гідраграфічная сетка тэрыторыі нацыянальнага парку, а ў табліцы – характарыстыка яго асноўных рэк і вадаёмаў. 

Акрамя пералічаных у табліцы, па тэрыторыі нацыянальнага парку працякаюць больш дробныя ручаі і рэчкі, працягласцю да 5 км (Альхоўка, Уюноўка, Кулеўка, Перароўніца, Калінавец, Мураўка, Цісаўка, Пабойка, Песяць і інш.).

Натуральных азёр няма. Але ў выніку гідрамеліярацыйных работ створана некалькі даволі буйных штучных вадасховішчаў (Лядское, Хмялеўскае, Сіпурка, Перароўніца, Калона) і шэраг больш дробных (12 вадаёмаў плошчай ад 1 да 10 га і 49 вадаёмаў плошчай да 1 га).

Даволі шырокая сетка меліярацыйных каналаў. Гэта асабліва тычыцца зямель, перададзеных у склад нацыянальнага парку ў апошняе дзесяцігоддзе, дзе ў 50 – 60-я гады мінулага стагоддзя на тэрыторыях калгасаў, якія мяжуюць з Белавежскай пушчай, праводзіліся меліярацыйныя работы асушальнага характару. Былі выпрамлены і паглыблены рэчышчы некаторых рэк (Нараўка, Белая), што выклікала паніжэнне іх узроўню, створаны новыя штучныя вадацёкі, асушаны ўрочышча Дакудава (130 га), Зубрыца (160 га), Галева Балота (300 га), Цяплухі (300 га), ур. Нікора (1450 га). Усяго плошча асушаных зямель на тэрыторыі пушчы складае 2340 га, а агульная даўжыня гідрамеліярацыйнай сеткі, па звестках лесаўпарадкавання 2006 г., – 592 км.

Рэжым вадаёмаў нацыянальнага парку характарызуецца інтэнсіўным веснавым разводдзем і ўстойлівай летне-восеньскай і зімовай межанню. Пад’ём узроўню вады падчас вясновай паводкі звычайна пачынаецца ў сярэдзіне сакавіка (у раннія вёсны – у другой палове лютага, у больш познія – у першай дэкадзе красавіка) і працягваецца 7 – 15 дзён. Максімальны вясновы ўздым вады складае каля 2,0 – 2,5 м (у асобныя гады 3,0 м). Сярэдняя працягласць паводкі – каля 60 – 70 дзён.

Гадавая межань наступае ў першай палове мая. Амаль штогод (1-2 разы на сезон) яна перарываецца дажджавымі паводкамі. Шматгадовая амплітуда зімовых межанных узроўняў складае 20 – 40 см.

Устойлівае лядовае покрыва ўтвараецца ў трэцяй дэкадзе снежня (з адхіленнямі ад гэтага тэрміну да першых дзён снежня цi да трэцяй дэкады студзеня). Звычайная таўшчыня лёду складае 35 – 45 см. Вадаёмы ўскрываюцца ў сярэдзіне сакавіка – першай дэкадзе красавіка. Дажджавыя паводкі назіраюцца штогод, а ў дажджлівыя гады да 3 – 4 разоў. 

Рачны сцёк залежыць, галоўным чынам, ад колькасці ападкаў і выпарэння. Вялікая яго частка прыпадае на вясновы перыяд.

Малые ручьи - большое влияние

Обработка видео...