• Інфармацыйна-турыстычны партал Белавежскай пушчыБеларусьвёска Белая, дом 6225063
  • info.npbp.by@gmail.com

Флора

Белавежская пушча – своеасаблівы ў фларыстычным дачыненні рэгіён, дзе Еўразіяцкая хвойна-лясная зона шчыльна падыходзіць да Еўрапейскай шырокалісцевай, а тайга саступае пазіцыі немаральным лясам. Геаграфічнае становішча, кліматычныя і глебава-гідралагічныя ўмовы абумовілі багацце і разнастайнасць флоры. На гэтай адносна невялікай тэрыторыі сустракаецца каля 70% раслін, якія растуць на тэрыторыі ўсёй нашай рэспублікі (больш за 1000 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, каля 270 відаў мохападобных, больш за 290 відаў лішайнікаў). Як і ва ўсёй умеранай зоне, травяністыя формы па колькасці відаў (92%) пераважаюць над драўнянымі.

Дрэвы. З 25 відаў дрэў, якія растуць у Белавежскай пушчы, найбольш распаўсюджаны сасна, елка, дуб чарэшчаты, граб, алешына чорная, ясень, асіна, бярозы барадаўчатая і пухнатая, клён. Тут сустракаюцца ў натуральным стане піхта белая і дуб скальны, занесеныя ў Чырвоную кнігу рэспублікі і вядомыя ў Беларусі толькі з Белавежскай пушчы.

Кусты. Кустоў у пушчы налічваецца 38 відаў. Гэта ляшчына, крушына, жасцёр, каліна, ядловец, брызгліна, маліна, ажына, бружмель звычайны, разнастайныя вербы, парэчкі, а таксама рэдкія для рэспублікі бяроза прысадзістая, вярба чарніцападобная і іншыя віды.

Травяністыя расліны. Сярод травяністых раслін каля 80% складаюць шматгадовыя. Аднагадовыя і двухгадовыя часцей сустракаюцца на пашах, абочынах дарог, прагалінах. Сярод іх асаблівую групу ўтвараюць эфемеры, тэрмін жыцця якіх ад прарастання да паспявання насення не перавышае двух-трох месяцаў. Таму ўбачыць такія расліны як вяснянка або разухавідка Таля можна толькі на працягу 2-3 месяцаў. На такі ж кароткі час вясной з’яўляюцца і некаторыя травяністыя шматгадовыя-эфемероіды (кураслеп, чубатка, гусіная і мядзведжая цыбуля, раўнаплоднік, чысцяк вясновы і інш.), характэрныя для лясных супольнасцей.

Акрамя пераважнай большасці раслін, якія жывуць за кошт фотасінтэзу, сустракаюцца паўпаразіты (цяцюшнік, мар’яннік, званец, амяла і інш.), што атрымліваюць ваду з растворанымі ў ёй солямі прысмоктваючыся да каранёў іншых раслін, а таксама паразіты (павітуха, таемнік), якія не маюць хларафілу і афарбаваны ў бледна-жоўты або брудна-ружовы колер. Падобна да паразітычных раслін выглядаюць і нешматлікія расліны-сапрафіты (гняздоўнік сапраўдны і пад’ельнік валасісты), якія сілкуюцца гнілымі расліннымі рэшткамі. Расянка, што расце на верхавых балотах, і пузырчаткі, якія насяляюць ваду, дапаўняюць сваё “меню”, пераварваючы злоўленых насякомых. 

Расліны засяляюць тэрыторыю ў адпаведнасці з біялагічнымі асаблівасцямі, патрабаваннямі да ўмоў асяроддзя і канкурэнтнай здольнасцю. У Белавежскай пушчы шырока распаўсюджаны чарніцы, кісліца, майнік, семачок, здольныя расці ў розных экалагічных умовах. У той жа час шэраг відаў са спецыфічнымі патрабаваннямі да ўмоў пражывання сустракаецца рэдка (грушанка аднакветкавая, дзераза-баранец).

У светлых хваёвых лясах, на сухіх пясчаных глебах, пасяляюцца сухалюбівыя расліны-ксерафіты (аўсяніца авечая, чабор, ястрабок валасісты), якія эканомна расходваюць вільгаць. Для празмерна ўвільготненых алешнікаў характэрны вільгацелюбівыя-гіграфіты (галубок аерападобны, кізляк гронкакветны, асака). Для дубова-грабавых, кляновых і ліпавых лясоў звычайныя немаральныя віды: снітка, ясменнік пахучы, зоркаўка ланцэтападобная. На сфагнавых балотах можна знайсці багун, журавіны, дурніцы, падвей вузкалісты. Разак і ўрэчнік, гарлачыкі белы і жоўты – прадстаўнікі воднай флоры.

Адной з найважнейшых задач нацыянальнага парку з’яўляецца захаванне генафонду рэдкіх відаў раслін і ахова іх натуральных месцапражыванняў. На тэрыторыі Белавежскай пушчы сустракаецца 59 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, уключаных у Чырвоную кнігу рэспублікі. Многія з іх у пушчы знаходзяцца на межах арэалаў альбо з’яўляюцца рэліктамі мінулых эпох з іншым кліматам. Раней яны мелі больш шырокае распаўсюджанне. Але са змяненнем клімату і ўмоў росту захаваліся толькі ў асобных, падыходзячых для іх жыцця, рэфугіумах-сховішчах.

Асаблівай вядомасцю сярод пушчанскіх рарытэтаў карыстаюцца мядзведжая цыбуля (або чарамша), якая часта ўтварае густыя зараснікі на ўзвышэннях сярод балот і ў цяністых шырокалісцевых лясах, а таксама кадзіла сармацкае з буйнымі кветкамі і своеасаблівым водарам, якое за гаючыя ўласцівасці нярэдка называюць “бальзам”.

Аднымі з найпрыгажэйшых відаў з’яўляюцца пярэсна еўрапейская, упрыгожаная буйнымі (да 5 сантыметраў у дыяметры) залаціста-жоўтымі кветкамі, купальнік горны з яркімі аранжава-жоўтымі кветкамі, гладыёлус чарапічны (шпажнік) з яркімі фіялетавымі суквеццямі, змеегалоўнік Руйша, сінія кветкі якога эфектна вылучаюцца сярод разнатраўя. Адзіную дзікарослую лілею ў флоры Беларусі – лілею кучаравую – можна сустрэць у ліставых і змешаных шыракалістых лясах. Яе называюць яшчэ лілея-мартагон або саранка. А сваю назву “царскія кучары” яна атрымала з-за кветак з адагнутымі ўверх ружаватымі пялёсткамі, якія нагадваюць завітыя кучары.

Прадстаўнікі сямейства архідных, дзякуючы незвычайнай вытанчанасці кветак, з’яўляюцца ўпрыгожаннем флоры, надаюць ёй непаўторную прыгажосць і своеасаблівасць. Гайнік цёмна-чырвоны, пылкагалоўнік чырвоны, неатыянта клабучковая растуць у ліставых і змешаных лясах, ятрышнікі балтыйскі і майскі – на заліўных лугах, тайнік сэрцападобны хаваецца ў забалочаных ельніках. Ёсць у пушчы і архідэя венерын чаравічак з самымі буйнымі (да 6 сантыметраў) кветкамі, якія маюць пах ванілі.

У вільготных грабняках і ельніках зрэдку сустракаецца плюшч звычайны – адзіная вечназялёная ліяна ў нашых шыротах і адзіны прадстаўнік сямейства араліевых у флоры Беларусі. Гэта жывы сведка тых эпох і часоў, калі клімат гэтай тэрыторыі быў значна цяплейшым.   

Мохападобныя. Вельмі старажытнай групай раслін з’яўляюцца мохападобныя, якія растуць у шырокім дыяпазоне экалагічных умоў. У Чырвоную кнігу Беларусі ўключаны 15 відаў гэтай групы, трэць з якіх расце ў пушчы.

Імхі з’яўляюцца неад’емнай часткай пушчанскіх пейзажаў. Яны селяцца не толькі на глебе, але і пакрываюць ніжнюю частку драўняных ствалоў, камяні і гніючае ламачча, а найбольш буйны мох – фантыналіс супрацьпажарны – разрастаецца нават у вадаёмах. Мохавыя дываны і падушкі надаюць старажытнаму лесу казачны каларыт.

У сухіх сасновых лясах амаль суцэльным дываном пакрываюць глебу мох дыкранум хвалісты і мудрагеліста выгнутыя сцяблінкі моху Шрэбера. На месцах, якія найлепш праграваюцца і асвятляюцца, сустракаюцца курцінкі блакітнавата-зялёнага зязюлінага лёну ядлоўцавага. Там, дзе глеба больш вільготная і багатая, пасяляецца карункавы мох гілакоміум. Яму часта спадарожнічае падобны на мініяцюрныя ваі папараці мох птыліум страусава пяро. Пейзаж хваёва-яловых лясоў разнастаяць бляклыя блакітна-зялёныя шчыльныя падушкі леўкобрыума. Дэкаратыўныя якасці гэтага моху знайшлі прымяненне ў азеляненні, і яго выкарыстоўваюць у “японскіх” садках-ракарыях.

У паніжэннях з застойным увільгатненнем растуць зялёныя курціны зязюльчынага лёну звычайнага, а вільгацелюбівыя імхі з роду мніум, дзярнінкі якіх складаюцца з тонкіх сцяблінак з далікатнымі лісточкамі, селяцца ў цяністых яловых і ялова-шыракалістых лясах на больш багатых глебах. Яны і іншыя гіграфіты складаюць неад’емны кампанент забалочаных алешнікаў і ясеннікаў. На верхавых балотах непадзельна пануюць сфагнавыя імхі.

Лішайнікі. Старажытны пушчанскі лес багаты на лішайнікі. Пераважная частка рэдкіх лішайнікаў Беларусі (15 відаў з 17) расце менавіта ў Белавежскай пушчы. Яны прыстасаваны да самых неспрыяльных умоў асяроддзя, празмернай сухасці субстрату і паветра, рэзкай змены тэмператур, могуць існаваць там, дзе не жывуць іншыя арганізмы. Знешне непрывабныя, лішайнікі першымі засяляюць бедныя пажыўнымі рэчывамі субстраты і ствараюць у далейшым аснову для пасялення іншых раслін.

Тыповымі прадстаўнікамі ліставатых лішайнікаў (іх у пушчы 70 відаў), якія маюць слаявіну ў выглядзе круглявых, па краях лопасцевых пласцінак, прымацаваных да субстрату ніткападобнымі вырастамі (рызоідамі), з’яўляюцца лабарыя лёгачная, што расце на ствалах і галінах розных драўняных парод, і пельцігера сабачая, якая селіцца звычайна на глебе каля ствалоў дрэў або на пнях, якія гніюць.

Да кусцістых лішайнікаў (67 відаў), якія сапраўды нагадваюць разгалінаваныя кусцікі, адносяцца віды роду кладонія, што растуць у сасновых барах на адкрытых сонечных месцах. На Крайняй Поўначы, у тундравай зоне, іх далікатныя шараватыя або зеленаватыя кусцікі ўтвараюць суцэльнае покрыва і пад назвай “ягель” служаць кормам для паўночных аленяў.

Сярод кусцістых лішайнікаў вызначаецца лячэбнымі ўласцівасцямі цэтрарыя ісландская (“ісландскі мох”), якая ўтварае ў сухіх хвойніках храшчаватыя шырокалопасцевыя кусцікі, а найбольш незвычайнымі і прыгожымі з’яўляюцца віды роду уснея, што звісаюць з галін дрэў у выглядзе своеасаблівых “барод” і надаюць лесу казачнае аблічча.

Але часцей за ўсё ў Белавежскай пушчы сустракаюцца накіпныя формы лішайнікаў (155 відаў), якія не заўсёды заўважныя для неспрактыкаванага вока. У выглядзе скарыначкі яны шчыльна прырастаюць да субстрату і часам бываюць дзівосна арыгінальнымі. Так, на ствалах і галінах ліставых дрэў жыве графіс напісаны, які мае выгляд дробназярністай аліўкава-шэрай скарыначкі, на якой драбнюткія пладовыя целы ўтвараюць малюнак, падобны да старажытных пісьмёнаў. На гранітных валунах часта сустракаюцца выразна акрэсленыя лімонна- або зеленавата-жоўтыя плямы, што ўтвараюцца рызакарпонам геаграфічным, а на аголенай драўніне – шаравата-белыя скарыначкі леканоры разнастайнай. 

Гэтая група раслін устойлівая не толькі да неспрыяльных кліматычных умоў, але нават і да смяротных для большасці арганізмаў доз ультрафіялетавага і гама-выпраменьвання. У той жа час яны не выносяць забруджвання паветра і з’яўляюцца добрымі індыкатарамі чысціні навакольнага асяроддзя.

Грыбы. Шматаблічны свет грыбоў Белавежскай пушчы яшчэ недастаткова вывучаны. На беларускай яе частцы ўстаноўлена існаванне каля 600 відаў розных грыбоў, сярод якіх асноўную большасць складаюць агарыкавыя і дрэваразбуральныя віды. Выяўлена таксама больш за 60 відаў мучністарасяных грыбоў, якія выклікаюць хваробы раслін.

Большасць грыбоў робіць сваю працу непрыкметна. Убачыць іх можна толькі ўзброіўшыся мікраскопам. Але ёсць віды, якія ўтвараюць буйныя пладовыя целы – уласна тое, што ў побыце і называюць грыбамі. Ранняй вясной, калі ў лагчынах яшчэ ляжыць снег, на сапрэлым ламаччы або прама на лясной падсцілцы вылучаюцца ярка-пунсовыя сподачкі пецыцавых грыбоў. Крыху пазней на ўзлесках і палянках лісцевых лясоў з’яўляюцца смаржкі, а ў сасновых барах – страчкі. У чэрвені пачынаюць расці “каласавікі” – абабкі, маслякі, белыя грыбы. Сапраўды ж пераканацца ў разнастайнасці грыбнога царства можна толькі ў канцы лета. Баравікі і рыжыкі, падасінавікі і грузды, апенькі і махавікі, сыраежкі і ваўнянкі так і просяцца ў кошык. Многія ядомыя грыбы, напрыклад такія, як макруха яловая, радоўка фіялетавая, павуціннік чырвоны або каўпак кольчаты, збіраюць рэдка, бо яны мала вядомыя грыбнікам. Таму што памылка грыбніка часам падобная на памылку сапёра. У лесе шмат не толькі неядомых з-за горкага або пякучага смаку прадстаўнікоў грыбнога племені, але і смяротна атрутных грыбоў. Часам яны папярэджваюць яркай афарбоўкай пра свае ўласцівасці (мухаморы), часам жа выглядаюць і цалкам бяскрыўдна (фальшывая серна-жоўтая апенька, бледная паганка, падобная на зялёную сыраежку).

У старым пушчанскім лесе вельмі шмат грыбоў-трутавікоў. Іх зъяўленне на жывых дрэвах сведчыць пра паражэнне дрэва гніллю. У выніку гэтага яно загіне і будзе перапрацавана грыбамі і бактэрыямі. Ператварыўшыся ў перагной, яго драўніна паслужыць угнаеннем для іншых пакаленняў лесу.

Дапытліваму погляду могуць адкрыцца і некаторыя грыбныя рэдкасці. Бо ў Белавежскай пушчы з 17 відаў грыбоў, занесеных у Чырвоную кнігу рэспублікі, вядома 8. У іх ліку спарасіс кучаравы або грыбная капуста, які расце каля ствалоў сосен у векавых хваёвых лясах, герыцый рашэцістападобны, падобны на пакрытыя буйнаігольчатым шэранем карункі, грыфола кучаравая, або грыб-баран, папулярная ў народнай медыцыне вясёлка звычайная. Апошні грыб мае яйкападобнае пладовае цела, з якога пазней прарастае губчатая ножка, што нясе шапачку, пакрытую зялёнай сліззю, якая мае пах падалі. На яго злятаюцца мухі і іншыя насякомыя, якія разносяць споры грыба.

Лясныя насаджэнні. Белавежская пушча – унікальны прыродны аб’ект, дзе прадстаўлена ўся разнастайнасць лясоў Беларусі, як па пародным складзе, узроставай структуры і прадукцыйнасці, так і па тыпах лесу і ўмовах месца вырастання. Па звестках лесаўпарадкавання 2005 года, 78% тэрыторыі пушчы пакрыта лясамі, з якіх толькі каля 15% складаюць штучныя пасадкі. Сярэдні ўзрост лясоў – амаль 90 гадоў, максімальны дасягае 200 – 300 гадоў (у залежнасці ад пароды дрэва), а асобныя дрэвы-волаты дажываюць да 400 – 600 гадоў. Больш за 50% лясных насаджэнняў складаюць спелыя і перастойныя дрэвастоі.

Лясы пушчы ўнікальныя. Яны ў многім валодаюць адметнымі рысамі, характэрнымі для натуральных першабытных лясоў: гэта асаблівая ўзроставая і прасторавая структура, багаты відавы склад, наяўнасць вялікай колькасці векавых дрэваў-волатаў і шэраг іншых прыкмет.

У Белавежскай пушчы пераважаюць (67%) хвойныя лясы. Сасна і яліна ўтвараюць як чыстыя, так і змяшаныя з шыракалістымі і драбналістымі пародамі насаджэнні. Лясы з перавагай сасны звычайнай, здольнай расці ў розных глебавых умовах (ад сухіх пясчаных пагоркаў да верхавых балот), займаюць 63% пакрытай лесам плошчы. Практычна ўсе тыпы хваёвых лясоў Беларусі сустракаюцца менавіта ў Белавежскай пушчы. Узрост сасоннікаў дасягае 220 – 240 гадоў, а асобныя дрэвы дажываюць да 300 – 350 гадоў. Больш 3/4 ельнікаў пушчы прадстаўлены спелымі (141 – 180 гадоў), перастойнымі (181 – 240 гадоў) і сярэднеўзроставымі (41 – 100 гадоў) насаджэннямі. Маладнякі (да 40 гадоў) часцей за ўсё сустракаюцца ў культурах.

Лясы з дамінаваннем яліны звычайнай займаюць больш за 4% лесапакрытай плошчы. Акрамя гэтага, яліна распаўсюджана ў прымешку або падросце іншых лясных фармацый. Умацаванню яе пазіцый спрыяла высокая колькасць капытных жывёл, якія ядуць малады падрост іншых парод. Сярэдні ўзрост ельнікаў Белавежскай пушчы – 112 гадоў, максімальны – каля 200 гадоў, а асобныя дрэвы дажываюць да 300 – 350 гадоў. Яловыя лясы прадстаўлены ў асноўным сярэднеўзроставымі (61 – 100 гадоў) і спелымі (121 – 160 гадоў) дрэвастоямі. Маладнякі (да 40 гадоў) і перастойныя (звыш 160 гадоў) насаджэнні займаюць невялікія плошчы. У апошні час яловыя лясы значна пацярпелі з-за масавага размнажэння насякомага-шкодніка – караеда-тыпографа.

Піхта белая – цэнтральнаеўрапейскі рэліктавы від. Яе месцапражыванне – невялікі астравок сярод асушаных балот, плошчай каля 14 га, аддалены на 100 – 120 км ад паўночна-ўсходняй мяжы асноўнага арэала. У цяперашні час там захавалася толькі 21 дарослае дрэва піхты ва ўзросце 90 – 140 гадоў. Але від добра пладаносіць і дае багаты самасеў. Закладзены некалькі плантацый для яго рассялення ў Белавежскай пушчы.

Шыракалістыя (цвёрдалістыя) лясы займаюць у пушчы 5,3% усёй лесапакрытай плошчы. Сярод іх пераважаюць (3,6%) дубровы з дуба чарэшчатага, што расце на багатых бурых лясных глебах. Гэта найбольш высокаўзроставыя лясы Беларусі, у якіх каля 75% складаюць дрэвастоі ва ўзросце звыш 160 гадоў (сярэдняга іх ўзросту). Не з’яўляюцца рэдкасцю дубровы ўзростам каля 300 гадоў і асобныя 400-600-гадовыя дубы-волаты.

Акрамя дуба чарэшчатага, на плошчы больш за 1000 га ў Белавежскай пушчы расце рэліктавы дуб скальны, занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Пушча для яго з’яўляецца ўсходняй мяжой распаўсюджвання на раўніне.

Другое месца па плошчы (0,9%) сярод шыракалістых парод займаюць грабавыя дрэвастоі, што аддаюць перавагу багатым супясчаным глебам, якія падсцілае суглінак. Гэта насаджэнні рознага ўзросту (10 – 180 гадоў) і сярэднім узростам каля 85 гадоў. Грабавыя лясы з’яўляюцца вытворнымі насаджэннямі і ўтвараліся, як правіла, на месцы выпадзення шыракалістых і хвойна-шыракалістых лясоў. Чыстыя грабнякі даволі рэдкія. У іх складзе звычайна ўдзельнічаюць дуб, яліна і іншыя драўняныя пароды.

Карэнныя ясеневыя насаджэнні растуць прыкладна на 0,7% лесапакрытай плошчы. Яны прывязаны да старых пойм рэк з павышаным праточным увільгатненнем і растуць на багатых вільготных супясчаных глебах, утвараючы часта змяшаныя з іншымі пародамі дрэвастоі. Сярэдні ўзрост ясеневых лясоў – 140, а максімальны – 180 гадоў. У апошнія гады адзначаюцца неспрыяльныя працэсы масавага ўсыхання ясеня ў выніку таго, што яго аслабленыя дрэвы паражаюцца каранёвымі і сарцавіннымі гнілямі з-за развіцця паразітычных грыбоў. 

Кляноўнікі ў пушчы з’яўляюцца вытворнымі ад дуброў і займаюць усяго 107 га на даволі багатых, аптымальна ўвільготненых глебах. Паколькі яны паўсталі на месцы векавых дуброў, то, як правіла, утрымліваюць значную колькасць векавых дрэваў-волатаў. Сярэдні ж узрост кляновых дрэвастояў – каля 145 гадоў. Пад іх полагам узнаўляюцца толькі граб і ясень. Кляновая фармацыя, нароўні з ліпавай, адносіцца да рэдкіх тыпаў лясной расліннасці. Тут часта расце комплекс рэдкіх травяністых раслін, характэрных для натуральных шыракалістых лясоў пушчы, і шматлікія рарытэты еўрапейскай флоры.

Драбналістыя (мяккалістыя) лясы Белавежскай пушчы складаюць 27,7% і прадстаўлены насаджэннямі з алешыны чорнай (15,8%), бярозы пухнатай (3,3%), бярозы барадаўчатай (7,6%), асіны (1,0%) і ліпы. Часта яны з’яўляюцца вытворнымі на месцы карэнных лясоў (асабліва два апошнія тыпы) і звязаны з месцамі ветравалу і натуральнага зарастання закінутых палёў і сухадольных лугоў.

Лясы з алешыны чорнай і бярозы пухнатай прадстаўляюць групу карэнных ліставых балотных лясоў. Алешнікі растуць на даволі абводненых праточных участках нізінных балот з багатымі глебамі. Сярэдні іх узрост – 80 гадоў, а максімальны – 150 гадоў. Больш за палову дрэвастояў перайшлі ў стадыю спелых і перастойных (80 гадоў і болей). Маладнякі да 20 гадоў займаюць нязначную плошчу. Сярэдні ўдзел алешыны ў складзе гэтых дрэвастояў даволі высокі – больш за 80%. Узнаўленне пад яе полагам складаецца з яліны, радзей ясеня, алешыны, граба, ліпы.

Пухнатабярозавыя лясы прывязаны да больш бедных глебаў з застойным увільгатненнем. Сярэдні ўзрост іх дрэвастояў – 60 гадоў, максімальны – 120 гадоў. Каля трэцяй іх часткі падверглася асушэнню ў 50-60-я гады мінулага стагоддзя.

Барадаўчатабярозавыя лясы маюць сярэдні ўзрост 60 гадоў, а максімальны – 110 гадоў. Спелыя і перастойныя (больш за 80 гадоў) бярэзнікі складаюць 17%. Сярэдні ўзрост асінавых лясоў – 65 гадоў, а максімальны – 110 гадоў. Пераважаюць (83%) дрэвастоі ва ўзросце 60 гадоў і вышэй. Маладнякі (да 20 гадоў) практычна адсутнічаюць..

Ліпнякі, як і кляноўнікі, таксама сфарміраваны на багатых глебах і замянілі дубровы ў ходзе працяглых сукцэсій. Займаюць яны толькі 14 га. Іх сярэдні ўзрост каля 60 гадоў. У склад дрэвастояў уваходзяць ліпа драбналістая, дуб чарэшчаты, клён вастралісты, яліна, граб.

Лугавы тып расліннасці (каля 5% тэрыторыі) у Белавежскай пушчы, як і ва ўсёй лясной зоне, з’яўляецца вытворным антрапагенным кампанентам ландшафту. Калі на лугавых участках працяглы час не пасвіць жывёлу або спыніць касьбу, яны зарастаюць хмызнякамі і ў далейшым трансфармуюцца ў лясныя супольнасці. Пры гэтым амаль палова з іх прыпадае на нізінныя лугі. Звычайна яны размешчаны побач з ляснымі або адкрытымі нізіннымі балотамі, падобныя з імі па глебах, і моцна пераўвільготнены. Там валадараць, перш за ўсё, асокі. У найбольш вільготных месцах сустракаюцца зараснікі буйных асок – вострай, пузыраватая, вастраватай, омскай. На менш увільготненых участках растуць больш дробныя асокі: чорная, жоўтая, прасяная, якія чаргуюцца з зараснікамі травы – вострынай дзірваністай (шчупак), пажарніцай непрыкметнай, аўсяніцай лугавой. Сярод асок і злакаў сустракаецца бабок трохлісты, лотаць, шабельнік балотны, казялец паўзучы, вятроўнік вязалісты, узносіць угару мечападобныя лісты касач аерападобны.Тонкія паўзучыя сцябліны маруны балотнай і багнавай заплятаюць прастору паміж больш буйнымі раслінамі. 

Пойменныя злакава-буйнаасаковыя лугі размешчаны ў поймах рэк і заліваюцца вадой падчас паводкі. Для іх уласцівы куп’істы рэльеф і травяное покрыва з буйных асок, характэрных для нізінных лугоў. Тут шмат буйных злакаў – маннік водны, канарэечнік трысняговы, трыснёг. Сустракаюцца вострына дзірваністая, пажарніца ланцэтная і іншыя злакавыя. Разнатраўе прадстаўлена марунамі балотнай і багнавай, рознымі хвашчамі і казяльцамі, вятроўнікам вязалістым і інш.

Сухадольныя разнатраўна-злакавыя лугі сустракаюцца невялікімі ўчасткамі на павышаным рэльефе сярод нізінных лугоў. Іх густое травяное покрыва складаецца ў асноўным са злакаў. Звычайны духмяны каласок, які надае спецыфічны водар свежаскошанаму сену, аўсяніца чырвоная, цімафееўка лугавая. Сустракаецца вострына дзірваністая, што пры вялікай пашавай нагрузцы пачынае дамінаваць у супольнасцях разам з сітнікам і хвашчом. Для такіх лугоў характэрны дробныя асокі і багатае разнатраўе. У чэрвені тут зацвітае далікатнымі рассечанымі кветкамі светнік зязюлін, які часта стварае ружовы аспект; белымі астраўкамі вылучаецца нівянік звычайны, які ў прастамоўі завуць рамонкам. Шчаўе кіслае, трыпутнік ланцэтны, канюшына паўзучая, званцы, маруна сапраўдная і дзясяткі іншых відаў таксама надаюць разнастайнасці сухадольнаму лугу.

Балоты – гэта складаныя прыродныя экасістэмы, якія сумяшчаюць у сабе рысы возера і сушы. Характэрная іх асаблівасць – наяўнасць торфу і вады. Ад 80 да 95% вады ўтрымліваецца ў самім торфе. Агульная плошча не пакрытых лесам балот у пушчы складае больш за 7% тэрыторыі. Практычна ўсе буйныя, плошчай больш за 25 га, балоты, сустракаюцца толькі ў паўночна-ўсходняй яе частцы. Асноўная частка балот (98%) адносіцца да нізінных, якія сілкуюцца грунтавымі водамі. Тут пануюць вільгацелюбівыя купінаўтваральныя асокі (омская, збліжаная, вострая), якія месцамі ўтвараюць шырокія зараснікі. Участкі асакі перамяжоўваюцца зараснікамі папараці балотнай, злакамі. Багатае разнатраўе: бабок трохлісты, лотаць, маруна балотная і багнавая, касач водны, казяльцы, хвашчы. Паміж імі часам сустракаюцца імхі.

Верхавых адкрытых балот у пушчы практычна няма (усяго толькі 0,4%). Часцей за ўсё гэта прагалы ў сфагнавых хвойніках на водападзеле, з-за чаго і атрымалі сваю назву. Іх глебы вельмі бедныя, таму тут могуць выжыць толькі непатрабавальныя да ўмоў росту расліны. Галоўныя з іх – сфагнавыя імхі, якія цалкам пакрываюць балота дзярнінай. Ніжняя частка раслін моху адмірае па меры росту і ўтварае бедны мінеральнымі солямі кіслы торф.

З кустоў і хмызнячкоў, якія растуць на верхавых балотах, найбольш вядомы высакарослыя дурніцы, журавіны, што сцелюцца па сфагнавым дыване, а таксама багун балотны з яго дурманлівым водарам. Менш прыкметная, але звычайная на верхавых балотах андрамеда (падбел мнагалісты) – хмызнячок з сямейства верасовых з далікатна-ружовымі званочкамі кветак. З траў характэрны падвей, які квітнее рана вясной, а да лета развешвае над балотам свае белыя далікатныя пухоўкі, што памылкова прымаюць за кветкі. Сярод яго купін можна сустрэць дзіўную расліну – расянку круглалістую, якая папаўняе недахоп пажыўных рэчываў за кошт злоўленых насякомых.

Крыху большую плошчу (1,6%) займаюць пераходныя балоты. Яны сумяшчаюць рысы нізінных і верхавых балот. У іх харчаванні ўдзельнічаюць і грунтавыя воды, і атмасферныя ападкі. Расліннасць пераходных балот характарызуецца бяднейшым, у параўнанні з нізіннымі, але больш багатым, у параўнанні з верхавымі балотамі, фларыстычным складам. Каля паловы гэтых балот пазбаўлены драўнянай расліннасці, астатнія пакрыты рэдкімі хвойнікамі і вербалозам з бярозай пухнатай.Варта адзначыць вялікае значэнне балот у захаванні біялагічнай разнастайнасці не толькі раслін, але і жывёл, асабліва птушак.