• Інфармацыйна-турыстычны партал Белавежскай пушчыБеларусьвёска Белая, дом 6225063
  • info.npbp.by@gmail.com

Фаўна

Жывёльны свет Белавежскай пушчы багаты і разнастайны. Ён мог бы быць яшчэ багацейшым, але некаторыя віды ў нядаўнім гістарычным мінулым былі вынішчаны чалавекам. Так, у XVII ст. быў выбіты тур, знiклi расамаха i перавязка, у XVIII – бабёр, высакародны алень, тарпан, у XIX – мядзведзь, дзікі кот, палятуха, у пачатку XX ст. – зубр, а пасля 1953 г. не сустракаецца і еўрапейская норка. Быў час, калі ў пушчы адсутнічаў воўк.

Аднавіць відавы склад фаўны, або нават папоўніць яго, спрабавалі неаднаразова. Паспяхова былі акліматызаваны або рэакліматызаваны алені, зубры, бабры, а таксама лані (апошнія знішчаны падчас Першай сусветнай вайны). Няўдалымі сталі вопыты па акліматызацыі паўночнага аленя, муфлона і рэакліматызацыі мядзведзя. Тарпанападобнага каня, сярод продкаў якога былі дзікія тарпаны, якія зніклі з твару зямлі, у цяперашні час можна ўбачыць толькі ў экскурсійных вальерах нацыянальнага парку. У яго жылах цячэ таксама і кроў свойскага каня. У той жа час некаторыя віды знайшлі ў пушчы экалагічную нішу, мігравалі з іншых месцаў. Гэта янотападобны сабака, андатра, амерыканская норка.

Млекакормячыя. Млекакормячыя Белавежскай пушчы ў наш час прадстаўлены 59 відамі, што складае 85% фаўны Беларусі. Сярод іх найбольшую цікавасць уяўляе зубр, унесены ў Міжнародную Чырвоную кнігу. Гэта найбуйнейшая ў Еўропе і адна з самых старажытных жывёлін нашай планеты, якая адносіцца да роду бізонаў. Чыстакроўныя зубры сёння прадстаўлены двума падвідамі – белавежскім і белавежска-каўказскім. Раней (у перыяд з 1946 да 1968 г.) у беларускай частцы Белавежскай пушчы ўтрымліваліся абодва падвіды. Затым жывёлы з прымешкам каўказскай крыві былі вывезены, і цяпер тут жывуць толькі белавежскія або раўнінныя зубры. Даўжыня цела самцоў вар’іруецца ў межах 255 – 305 см, вышыня ў вобласці грудзей – 170 – 195 см. Самкі крыху меншыя па памерах. Маса дарослых самцоў роўная 600 – 850 кг (часам можа дасягаць 1 тоны), самак – 400 – 600 кг. У дарослых асобін добра выяўлены палавы дымарфізм. У быкоў, з прычыны большай даўжыні асцістых адросткаў у вобласці грудзей, добра вылучаецца горб, а галава ўвенчана парай добра развітых і крыху загнутых унутр чорных серпападобных рагоў. Яны таўсцейшыя, больш магутныя і шырокія, але выгнутыя менш, чым у самак. Грыва, якая звісае з ніжняй часткі шыі, надае зубру аблічча першабытнага звера. У афарбоўцы цела пераважаюць карычнева-бурыя тоны. Поўнага фізічнага развіцця зубры дасягаюць ва ўзросце 7 – 8 гадоў, а жывуць яны каля 25 гадоў.

Выціснутыя чалавекам, зубры ледзь не зніклі з твару зямлі. Лясы Белавежскай пушчы сталі апошнім месцам пражывання гэтых жывёл. Яны знаходзіліся тут пад асаблівай аховай. Найбольшая колькасць зуброў у пушчы была зафіксавана ў 1857 г. (1898 асобін). Аднак празмернае развядзенне іншых капытных (аленяў, ланяў, казуль, дзікоў), выпас вялікай колькасці свойскай жывёлы, якая з’яўляецца харчовым канкурэнтам зуброў, а таксама браканьерства ў гады Першай сусветнай вайны, прывялі да таго, што іх пагалоўе стала катастрафічна скарачацца. У 1919 г. была забіта апошняя зубрыца, якая жыла вольна. Захаваліся толькі 52 асобіны зуброў у заасадах і заапарках краін Заходняй Еўропы, большасць з якіх калісьці была вывезена з Белавежскай пушчы. Таму аднаўленне пагалоўя лясных гігантаў вырашылі пачаць менавіта ў пушчы. У беларускую частку пушчы ў 1946 г. завезлі першых 5 зуброў, набытых у Польшчы. У 1953 г. зуброў выпусцілі на волю, і пачалося іх вольнае развядзенне ў Белавежскай пушчы, вяртанне ў ранейшыя месцы пражывання.

З гадамі колькасць зуброў узрастала і стала перавышаць аптымальную колькасць (250 галоў), рэкамендаваную для ўтрымання на гэтай тэрыторыі. Таму ў наступныя гады пачалося рэгуляванне іх пагалоўя, рассяленне па іншых раёнах рэспублікі.

У зімовы час зубры канцэнтруюцца каля месцаў падкорму, дзе атрымліваюць сена і сакавіты корм. Самкі з маладняком і невялікай колькасцю дарослых самцоў утвараюць у гэты перыяд буйныя статкі.

Палаваспелыя быкі па-за перыядам размнажэння звычайна трымаюцца асобна, групамі ў 3 – 5 (часам да паўтара дзясятка) асобін. Іх нярэдка можна сустрэць на ўскраінах пушчы ці за яе межамі. Рэгіструюцца і зубры-адзінцы – старыя быкі, якія вядуць адзіночны лад жыцця.

У летне-асенні сезон адбываецца пастаяннае перасоўванне жывёл па тэрыторыі нацыянальнага парку. У гэты час пераважаюць змешаныя групы з самак, маладняку і цялят, якія налічваюць ад 15 да 20 (часам да 80 і больш) асобін. Яны нясталыя і сфарміраваныя з жывёл, не звязаных роднаснай сувяззю. Важак такога статка – моцная і дасведчаная зубрыца, якой падпарадкоўваецца ўвесь статак.

Шлюбны перыяд у зуброў называецца “яр” і прыпадае на жнівень – кастрычнік. У гэты час быкі блукаюць у пошуках зубрыц і амаль заўсёды прысутнічаюць у іх статках. Паміж імі часам адбываецца барацьба за самку. Пасля спарвання яны вяртаюцца ў свае ранейшыя месцы пражывання.

Цяжарнасць у зубрыц доўжыцца ў сярэднім 264 дні. Звычайна раз на 2 – 3 гады самка прыносіць адно цяля, якое можа карміцца малаком маці да двух гадоў. Асноўны перыяд ацёлу прыпадае на май – ліпень. У першыя дні маці люта абараняе народжанае цяля і прыводзіць у статак толькі праз два-тры тыдні пасля таго, як яно адужае.

Зуброў, якія кормяцца, часцей за ўсё можна сустрэць у дубова-грабавых лясах, хваёва-яловых барах, змяшаных маладняках, на лясных палянах, лугах і палях. У іх рацыён уваходзяць каля 330 відаў раслін.

Паводле перапісу 2006 г., у 32 краінах свету налічвалася 3155 зуброў. Пры гэтым на волі жыло 1955 жывёл, ва ўмовах загонаў і заапаркаў – 1200. Па колькасці зуброў Беларусь займае другое месца ў свеце (пасля Польшчы) – каля 600 галоў. Толькі ў беларускай частцы Белавежскай пушчы ў 2008 г. іх пагалоўе склала амаль 350 асобін.

Акрамя зуброў, з капытных у пушчы водзяцца высакародны алень, казуля, лось і дзік. Найбольш шматлікімі з іх з’яўляюцца алень і дзік, колькасць якіх у асобныя гады можа дасягаць больш за 1500 асобін. Пагалоўе казулі еўрапейскай (дзікай казы) схільнае да значных ваганняў і залежыць ад умоў зімы і наяўнасці ворагаў – ваўка і рысі. У апошнія гады колькасць казулі ў пушчы складае каля 300 асобін. Самым малаколькасным відам сярод капытных з’яўляецца лось. У Белавежскай пушчы жыве ўсяго толькі каля 80 яго асобін. Асноўнымі прычынамі нізкай колькасці лася з’яўляюцца неадпаведнасць умоў пражывання і харчовая канкурэнцыя аленя.

Драпежныя млекакормячыя прадстаўлены 12 відамі. Найбольш буйныя з іх – воўк, рысь, лісіца, янотападобны сабака, барсук і выдра. З дробных драпежнікаў сустракаюцца каменная і лясная куніцы, амерыканская норка, тхор, гарнастай, ласка.

Фаўна насякомаедных млекакормячых уключае 7 відаў. Тыповыя вожык, крот, буразубкі звычайная і малая, кутора звычайная. Радзей сустракаюцца буразубка сярэдняя і кутора малая. Буразубка малая (яе маса каля 3 г) – гэта самае маленькае млекакормячае свету.

Да атрада грызуноў у пушчы адносіцца 20 відаў. Сярод іх такія рэдкія як мышоўка, мыш-малышка, соні (арэшнікавая і садовая), хамяк, палёўкі (падземная, ахмістрыня і пашавая).Заяц-русак даволі звычайны ў Белавежскай пушчы, у той час як бяляк толькі зрэдку сустракаецца на поўначы ляснога масіву.З 13 відаў рукакрылых, якія жывуць у пушчы, 5 занесены ў рэспубліканскую Чырвоную кнігу. Гэта малая вечарніца, еўрапейская шыракавушка, паўночны кажанок, начніцы Брандо і Натэрэра. Для апошняга віду пушча з’яўляецца адзіным месцам знаходжання ў нашай рэспубліцы. 

Арнітафаўна. Арнітафаўна Белавежскай пушчы выключна багатая і разнастайная. Тут жыве больш за 250 відаў птушак з 310, адзначаных для ўсёй тэрыторыі Беларусі. Гэта больш, чым у любым іншым нацыянальным парку нашай краіны ці Польшчы. Гняздуюцца з іх каля 180 відаў.

Дзякуючы добра захаваным біятопам, у пушчы сустракаюцца 64 віды птушак, занесеных у апошняе выданне Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь. Тут жывуць барадатая няясыць і касматаногі сыч, чорны бусел і вялікі бугай. Таму не выпадкова Белавежская пушча і балота Дзікое (на якім жыве вельмі рэдкі від – вяртлявая чарацянка) з’яўляюцца ключавымі арніталагічнымі тэрыторыямі, якія маюць міжнароднае значэнне.

З 28 відаў дзённых драпежных птушак, адзначаных за апошнія 100 гадоў на тэрыторыі сучаснай Беларусі, у Белавежскай пушчы зарэгістравана 25 відаў. Самым буйным птушыным драпежнікам з’яўляецца арлан-белахвост, які аблюбаваў пушчанскія вадаёмы. Ён унесены ў спісы Міжнароднай і нацыянальнай Чырвоных кніг. Яго малая колькасць абумоўлена не так браканьерствам і спусташэннем гнёздаў, як звядзеннем лясоў у поймах вялікіх рэк і азёр, змяншэннем рыбных багаццяў, непакоем у гнездавы час, а таксама празмерным выкарыстаннем у сельскай гаспадарцы ядахімікатаў, канчатковым спажыўцом якіх сталі многія рыбаедныя птушкі.

З птушак Еўропы, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення, у пушчы гняздуецца (1 – 3 пары) таксама і вялікі падворлік, колькасць якога ў Беларусі ў цэлым каля двухсот пар. У нацыянальным парку адзначаны нават змешаныя пары вялікага і малога падворлікаў.

Начныя драпежнікі – совы, прадстаўлены 11 відамі, большасць якіх занесены ў Чырвоную кнігу. Самая буйная сава – пугач, маса дарослых птушак ад двух да трох кілаграмаў, а самая маленькая – вераб’іны сыч, які важыць усяго 60 – 80 г.

Белавежская пушча – гэта, бадай, адзінае месца, дзе адзначаны на гнездаванні ўсе 10 відаў дзятлаў, якія сустракаюцца ў Еўропе. Тут можна сустрэць тыповага жыхара еўрапейскіх ліставых лясоў – дзятла сярэдняга і прадстаўніка паўночных тайговых хвойных лясоў – дзятла трохпальцага, насельніка дрымучых лясоў – беласпіннага дзятла і выключна сінантропны від – сірыйскага дзятла, самага маленькага ў Еўропе дзятла-круцігалоўку і самага вялікага – жаўну, самага скрытнага – сівога і самага “таварыскага” – вялікага пярэстага.

Птушкі – дзіўныя стварэнні прыроды. Пра іх можна распавядаць доўга. Але найлепшы спосаб пазнання – гэта самому вывучаць іх у прыродзе.

Рэптыліі. У Белавежскай пушчы адзначаны ўсе 7 відаў рэптылій Беларусі. Са змей найбольш тыповым з’яўляецца вуж звычайны, які жыве ў нацыянальным парку амаль паўсюдна і часцей за ўсё сустракаецца ў вільготных месцах. Радзей можна ўбачыць гадзюку звычайную і мядзянку.Найбольш тыповая з яшчарак – яшчарка порсткая. Звычайна яе можна ўбачыць на палянах пасярод светлых хваёвых лясоў. Крыху меншая па памерах яшчарка жывародная жыве па забалочаных хвойніках, берагах рэк і азёр. Вераценніца ломкая адрозніваецца ад іншых яшчарак адсутнасцю канечнасцей і сустракаецца па ўсёй тэрыторыі пушчы. Балотная чарапаха, як і мядзянка, занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі. 

Земнаводныя. Белавежскую пушчу насяляюць 11 відаў земнаводных. Гэта трытоны звычайны і грабенчаты, жарлянка чырванабрухая, часночніца, квакша, шэсць відаў жаб. Жабы травяная і вастрамордая сустракаюцца ў сырых лясных месцах, а жаба сажалкавая – у вадаёмах са стаялай вадой. Часцей за ўсё сустракаецца жаба шэрая, якая жыве пераважна ў вільготных лясах. Больш рэдкія жабы зялёная і чаротавая (апошняя занесена ў рэспубліканскую Чырвоную кнігу). Дастаткова тыповым відам з’яўляецца квакша, якая дзякуючы прысоскам на пальцах можа лазіць па галінах дрэў і хмызнякоў. Часцей за ўсё яе можна сустрэць у шыракалістых лясах і на вільготных лугах, парослых кустамі.

Іхтыяфаўна. Іхтыяфаўна Белавежскай пушчы прадстаўлена 27 відамі рыб і ручаёвай міногай. Тыповыя плотка, акунь, ёрш, шчупак, пячкур, лінь, карасі звычайны і срэбраны. Рэдкія прадстаўнікі – вугор і сом, адзначаныя па адзінкавых сустрэчах. Адзін від – вусач, або мірон, занесены ў рэспубліканскую Чырвоную кнігу. Асноўнае багацце рыб назіраецца ў вадазборах рэк Лясная і Нараў і штучных вадасховішчах Лядское і Хмялеўскае.

Насякомыя. Каля 70% усіх жывых істот, якія насяляюць нашу планету, – насякомыя. Ужо цяпер адкрыта і апісана больш за мільён іх відаў, але навукоўцы штогод знаходзяць сотні і тысячы новых. Для Белавежскай пушчы вядома каля 10 000 відаў насякомых, нягледзячы на тое, што гэтая група яшчэ недастаткова вывучана.

Найбольш багатыя на віды атрады цвердакрылых, перапончатакрылых, двухкрылых, лускакрылых і паўцвёрдакрылых, на долю якіх прыпадае больш за 95% відавай разнастайнасці насякомых нацыянальнага парку.

Сярод амаль 3000 відаў цвердакрылых самымі шматлікімі з’яўляюцца жужалі, стафілініды, даўганосікі, лістаеды, дрывасекі і пласцініставусыя. Самыя буйныя жужалі – гэта карабусы, 6 відаў якіх занесены ў Чырвоную кнігу. З іх найбольш рэдкі від – жужаль бліскучы, а жужаль інтрыкатус – адзін з самых прыгожых.

Многія віды бесхрыбтовых жывуць у глебе, лясной падсцілцы, гнілой драўніне і пад карой дрэў. Асаблівасцю фаўны цвердакрылых Белавежскай пушчы з’яўляецца наяўнасць вялікай колькасці відаў, якія жывуць у мёртвай драўніне на розных стадыях яе гніення. Яны вельмі рэдка сустракаюцца ў іншых лясах, бо там праводзяцца санітарныя рубкі і ўборка сухастойнай драўніны. Адзін з такіх відаў, буйны і эфектны, – гэта жук-пустэльнік, лічынкі якога харчуюцца паўзгнілай драўнінай лісцяных дрэў. Дарослыя жукі вядуць начны лад жыцця і харчуюцца сокам, які выцякае з ран на ствале дрэва. У Еўропе пустэльнік ўжо даўно стаў вялікай рэдкасцю і знаходзіцца пад аховай. У Беларусі ён сустракаецца часцей, але таксама занесены ў Чырвоную кнігу, як і гнаявік вясновы. Апошні від у пушчы з’яўляецца адным з фонавых, а ў асобных месцах пераўзыходзіць па колькасці звычайныя віды гнаевікоў-землярыеў.

З іншых цвердакрылых варта адзначыць караеда-тыпографа – асноўнага стваловага шкодніка яліны. У выніку яго жыццядзейнасці можа адбывацца адміранне яловых лясоў на вялікай плошчы. Пэўную шкоду наносяць і іншыя віды караедаў, а таксама прадстаўнікі сямействаў златак і дрывасекаў, з якіх найбольш прыкметныя і тыповыя дрывасек-гарбар і вялікі яловы вусач.

З больш чым паўтары тысячы відаў матылькоў, адзначаных у Белавежскай пушчы, пераважную большасць складаюць віды, што вядуць начны лад жыцця. Звычайна яны афарбаваны ў бляклыя шэрыя тоны. Сярод іх памерамі і яркай афарбоўкай вылучаюцца бражнікі, паўлінавочкі, мядзведзіцы і некаторыя віды совак. Бражнікі па праве лічацца найлепшымі летунамі сярод лускакрылых і могуць развіваць хуткасць да 50 – 70 км/г. Яны апыляюць кветкі ў палёце, не прысаджваючыся на іх.

З ярка афарбаваных дзённых матылькоў памерамі і афарбоўкай вылучаюцца стужачнікі і пераліўніцы, якія практычна ніколі не сустракаюцца на кветках. Яны заўсёды лётаюць высока ў кронах дрэў і спускаюцца ўніз толькі для таго, каб папіць вады з прыдарожных лужын. Найбольш эфектным прадстаўніком лускакрылых з’яўляецца махаон, які абліччам нагадвае сваіх трапічных суродзічаў. Гэтага матылька не зблытаеш ні з якім іншым. Галоўнай умовай яго пражывання з’яўляецца наяўнасць пэўных раслін з сямейства парасонавых, якімі харчуюцца яго вусені.

Аксамітніцы адрозніваюцца асаблівым далікатным аксаміцістым налётам на крылах і размалёўкай у выглядзе “вочак”. На адкрытых прасторах нізіннага балота Дзікое жыве самая вялікая ў Беларусі папуляцыя сенніцы-эдып. Краявочка прыдарожная параўнальна нешматлікая і сустракаецца часцей за ўсё ў шыракалістых і змяшаных лясах.

Са шматлікіх матылькоў-бялянак у Белавежскай пушчы жыве рэдкая ў Еўропе жаўтушка тарфянікавая, вусені якой харчуюцца дурніцамі на верхавых балотах у хвойніках сфагнавага і багуновага тыпу. У адрозненне ад іншых відаў жаўтушак, у гэтага матыля лімонна-жоўтую афарбоўку крылаў маюць толькі самцы, самкі ж белай афарбоўкі. Гэты матылёк, разам з бражнікам асінавым, блакітнай ордэнскай стужкай (названай так з-за шырокай блакітнай перавязі на задніх крылах), ордэнскай стужкай малінавай, мядзведзіцай-гаспадыняй, вялікай пераліўніцай і іншымі відамі, належыць строгай ахове.

Разнастайныя і насякомыя з атрада перапончатакрылых. Гэта розныя віды вос, сярод якіх найбольш буйныя – шэршні – будуюць гнёзды ў дуплах старых дрэў, а таксама рагахвосты, пільшчыкі і санітары лесу – мурашы. З пчаліных асаблівую ўвагу прыцягваюць чмялі, якія з’яўляюцца ранняй вясной, калі большасць насякомых яшчэ знаходзіцца ў спячцы. У апошні час у Еўропе адзначана зніжэнне іх колькасці, з-за чаго некаторыя віды чмялёў сталі рэдкімі.

Ляцяць стагоддзі, а пушча па-ранейшаму радуе шумам векавых дуброў. Гэты першабытны лес пастаянна прыцягвае да сябе ўвагу навукоўцаў, бо ўнікальны прыродны комплекс, які склаўся тут, багацце і захаванасць расліннага і жывёльнага свету не маюць аналагаў у свеце.

У навуковым аддзеле нацыянальнага парку працуюць каля 20 супрацоўнікаў. Асаблівую ўвагу яны аддаюць вывучэнню структуры і дынамікі развіцця лясных насаджэнняў, у тым ліку ўнікальных векавых дрэвастояў, а таксама праблем захавання папуляцый зубра і буйных млекакормячых, арніталагічным даследаванням, захаванню рэдкіх відаў і іх супольнасцей. Для правядзення даследаванняў у Белавежскую пушчу прыязджаюць навукоўцы не толькі з Беларусі, але і іншых краін, бо яна з’яўляецца своеасаблівай лабараторыяй і эталоннай тэрыторыяй для вывучэння працэсаў у першабытнай прыродзе.

Белавежская пушча – гэта найважнейшы аб’ект турызму ў рэспубліцы і найбольш наведвальны нацыянальны парк нашай краіны. Штогод сюды прыязджаюць тысячы гасцей з блізкага і далёкага замежжа. У апошнія гады іх колькасць дасягае амаль 200 тысяч чалавек у год. Важнай задачай з’яўляецца забеспячэнне камфортнага знаходжання турыстаў, для чаго маюцца выдатныя гасцініцы і пункты харчавання.Для знаёмства з раслінным і жывёльным светам Белавежскай пушчы і іншымі славутасцямі распрацаваны шэраг турыстычных маршрутаў рознага прызначэння. Яны даюць магчымасць пазнаёміцца з дзіўным светам жывой прыроды самага старога лесу Еўропы.